Галоўная » 2011»Снежань»10 » "Як ні ёсць, а родны край — святыня..." - Паэту Алесю Каско — 60
12:48
"Як ні ёсць, а родны край — святыня..." - Паэту Алесю Каско — 60
Здаецца, што Алеся я ведаю ўсё жыццё. Раней сустракаліся даволі часта — можа, таму, што былі маладымі. І колькі было перагаворана і, што крывіць душой, выпіта! На размовах тых часта ляжаў адбітак штодзённасці, а віно было не заўсёды добрым, але мы тады жылі марамі і верылі, што ўсё лепшае наперадзе. Алесь Каско тады працаваў на пасадзе старшыні абласной пісьменніцкай арганізацыі, і наўкол яго групаваліся творцы слова, у кабінеце старшыні пастаянна нехта знаходзіўся. І толькі даводзіцца здзіўляцца, як у чалавека хапала часу і імпэту, каб пісаць вершы.
Паэзія А.Каско напоўнена шчырай любоўю да сваёй зямлі, радзімы. Чырвонай стужкай у многіх вершах паэта праходзіць трывога за родны край, Бацькаўшчыну.
Алесь Канстанцінавіч родам з палескай глыбінкі, і таму родная Ганцаўшчына для яго — святыня. Але гэтую святыню неабходна разглядаць шырэй. Для яго святыня — гэта Беларусь!
Як ні ёсць, а родны край — святыня, ці райскі сад, ці пырнік ды жарства; камусьці дарагая і пустыня — даволі месца ў ёй для хараства... Зрадняцца з краем і такім нашчадкі: як нам — лясы і рэкі, ім любіць абсяг зямлі, аголены і гладкі, шнуры канаў, адкуль вады не піць. Што ж, кроўнае не мае вымярэнняў, блюзнерства — на калыску наракаць, але рупліўцам з новых пакаленняў нядбайных продкаў, нас, не апраўдаць."
У вершах паэта часта адчуваецца неспакой, многія радкі пранізаны трывогай: душу паэта разрывае непрадказальнасць заўтрашняга дня. Што будзе з Радзімай, з усімі намі — тымі, хто знітаваны з ёю?
У чалавека сям'я, выраслі дзеці і, здавалася б, усё складваецца добра. Але , як многія творцы, часам А.Каско самотны. Так сёння, так было і раней.
Збочу і пайду паволі, і аддаліцца шаша, і ніхто не будзе ў полі ні чакаць, ні суцяшаць.
Творчасць А.Каско шматгранная, і яго вершы неабходна чытаць няспешна, а яшчэ лепш вяртацца да іх праз нейкі прамежак часу, каб занава пераасэнсаваць радкі.
Апошні раз з Алесем я сустрэўся ў Ганцавічах на Днях беларускага пісьменства. Перакінуліся некалькімі словамі, бо ён ужо стаяў каля сваіх чудзінцаў і збіраўся паехаць з імі ў родную вёску. А мне хацелася падысці з Алесем да памятнага знака, дзе ў бронзе ўвекавечана яго імя, і нешта сказаць пафаснае...
Алесь! Будзем спадзявацца, што ты парадуеш нас яшчэ не адным зборнікам сваіх вершаў, бо, магчыма, толькі цяпер, з вышыні свайго ўзросту, творчай сталасці твае вершаваныя радкі набываюць новае гучанне.
Ты пачынаеш разумець: твой боль — жыццё, жыццё і толькі! Ёсць боль — адсутнічае смерць.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.