Аўторак, 17.06.2025, 14:43

Галоўная » 2015 » Студзень » 30 » Творцы і глыбіня
19:00
Творцы і глыбіня
Дзеля гэтай гутаркі важна было знайсці творцу не проста з правінцыі, а чалавека выспеленага як літаратара, які ведае беларускія гарызонты, але сам малавядомы.


Менавіта такі Аляксей Галаскок з горада Ганцавічы. Родам з вёскі Талалайкі Зэльвенскага раёна. Сям’я была знаёмая з Ларысай Геніюш. Невыпадкова да літаратуры цягнула з маладога ўзросту. Але прафесійным лёсам стала вайсковая служба. Ды за чвэрць стагоддзя расстання з радзімай А. Галаскок не забыў роднай мовы. На заслужаным адпачынку ўсёй душой аддаўся мастацтву слова, перадусім паэзіі. У творчым багажы літаратара — 6 зборнікаў. У ганцаўскім літаратурным працэсе ён удзельнічае не толькі як творца, але і арганізатар — суполкі аматараў прыгожага пісьменства, паэтычных старонак у мясцовай прэсе, шматлікіх мерапрыемстваў ва ўстановах культуры.

— У чым спецыфіка літаратара на перыферыі? Тэмы, праблемы, жанры, бытавыя аспекты?..
— Праблем выбару тэмы ў нас не існуе. Нехта піша пра мінулае. Шмат пішуць пра бацькоў. Людзі сталага веку — пра пакінутыя мясціны. Але ёсць і выключэнні. Шмат пра каханне ў Вячаслава Несцерука, якому ідзе дзявяты дзясятак. А 16-гадовая Яўгенія Пракапчук пранікнёна і па-філасофску піша пра будучыню, сучаснасць, веру ў Бога. Пра тое, што бачаць, што адчуваюць, чым ганарацца, шчыра і адкрыта расказваюць дзеці з літаратурнага гуртка «Верасок». Шмат твораў пра родную мову. Праблемы маралі, чалавечыя ўзаемаадносіны турбуюць Ірыну Рудкоўскую (сястру берасцейскага паэта Міхася Рудкоўскага). Традыцыйна шмат увагі ўдзяляецца жыццю ў сваім родным кутку.

— Праблема публікавання. Як яна выглядае ў глыбінцы? Ці трапляеце ў выданні рэспубліканскага ўзроўню?
— Праблема вырашальная. Пры «Ганцавіцкім часе» дзейнічае літаратурнае аб’яднанне «Пралеска», якое мае сваю штомесячную старонку. Гэтага хапае, каб свет пабачыла лепшае са створанага пралескаўцамі. Рэдакцыя не цураецца іншых форм дапамогі: летась быў выдадзены зборнік «Пралескавы край», куды ўвайшлі творы 15 аўтараў. Газета «Савецкае Палессе», школу якой пад крылом Васіля Праскурава прайшло старэйшае пакаленне нашых паэтаў, таксама рэгулярна друкуе літстаронку пад красамоўнай назвай «Рунь». Пралескаўцы былі шырока прадстаўлены ў берасцейскай «Жырандолі». Вершы члена СПБ Святланы Локтыш і мае неаднаразова змяшчаліся ў «ЛіМе» і «Маладосці». Самае лепшае з напісанага нашымі землякамі розных пакаленняў увайшло ў літаратурную візітоўку раёна — анталогію «Паміж Бобрыкам і Ланню». Дапамагае выдавацца і мясцовая бібліятэка імя В.Праскурава. Апошнім часам дзякуючы аргтэхніцы многія, каму недасяжныя вядучыя выдавецтвы, атрымалі свае зборнічкі. Большасць такіх кніг, што праўда, можна назваць самвыдатам. Але на раённым узроўні прадукцыя разыходзіцца, значыць, карыстаецца папулярнасцю. Гэта вынік, паказчык нашага літаратурнага працэсу, стымул (асабліва для маладых), прыклад для многіх, як можна цікава і творча крочыць па жыцці.

— Як сталіца і літпрацэс у цэлым бачацца з глыбінкі?
— Як у мястэчку, так і па вёсках ладзяцца літаратурныя мерапрыемствы з актыўным удзелам паэтаў-землякоў. Рэзананс атрымалі імпрэзы па ўшанаванні Віктара Гардзея. Паэты не толькі самі прыязджаюць на радзіму, але і прывозяць сваіх калег. Аўтографы жыхарам раздавалі пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Анатоль Зэкаў, Казімір Камейша і многія іншыя. Гэта каталізуе цікавасць да айчыннай літаратуры нават звычайных чытачоў, не кажучы пра тых, хто піша сам. Разам з тым і мы выязджаем за межы раёна. Нядаўна, напрыклад, я наведаў бацькаўшчыну: у жніўні ў Зэльвенскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя маёй апошняй кнігі «Асенняя бліскавіца».

— Як вы лічыце, ці можна з дапамогай літаратурнай творчасці стаць знакамітым?
— Хоць і кажуць, што сёння чытаюць мала, але людзі прыходзяць на мерапрыемствы, значыць, літаратура цікавіць. Канечне, месца пражывання творцы важнае. Але не меншае значэнне мае адданасць літаратуры і творчасці. Свежы прыклад — Яўгенія Пракапчук, якая стала пераможцам конкурсу ма- ладых літаратараў Брэстчыны ў 2013 і 2014 гадах.

Гутарыў Анатоль ТРАФІМЧЫК, газета «Літаратура і мастацтва»
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 2090 | Дабавіў: admin | Тэгі: Літаратура і мастацтва, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Аляксей Галаскок, Анатоль Трафімчык
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход
Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [197]
Адукацыя [43]
Спорт [1494]
Здарэнні [534]
Грамадства [524]
Эканоміка [56]
Транспарт [168]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Студзень 2015  »
Пан Аўт Сер Чац Пят Суб Няд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.