Панядзелак, 16.06.2025, 18:54

Галоўная » 2012 » Люты » 28 » У надзейных руках
21:02
У надзейных руках
Ганцавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаўГанцавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў летась трапіла ў самы кругаварот падзей – экалагічных і асабістых.

Мінулы год для раённай інспекцыі (дарэчы, адной з лепшых у вобласці) аказаўся змястоўным і багатым на разнастайныя падзеі. Эколагі з Палесся годна прэзентавалі сябе на Дні беларускага пісьменства ў райцэнтры, паўдзельнічалі ў стварэнні фільма "Загадкі Ганцаўшчыны" пра хараство прыроды роднага краю, a яшчэ – адсвяткавалі 60-годдзе свайго нязменнага кіраўніка і ідэйнага лідара Аляксея Сызранцава. Гэта далёка не поўны пералік прыгод і дасягненняў. Але пра ўсё – па чарзе.

Д'Артаньян і яго мушкецёры

Аляксей Сызранцаў на працягу 17 гадоў узначапьвае інспекцыю прыродных рэсурсаў. Абаяльны натураліст з велізарным стажам валодае сапраўднай калекцыяй разнастайных узнагарод і адзнак: тры падзячныя пісьмы ад Прэзідэнта краіны, дзве граматы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адна – Савета Міністраў. Апошнюю, дарэчы, уручылі не так даўно – падчас правядзення IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Брэсце. Практычна штогадова гэты "залаты фонд" папаўняецца новымі прафесійнымі трафеямі, а некаторы час фотаздымак усмешлівага Аляксея Канстанцінавіча нават красаваўся на Дошцы гонару Мінпрыроды.

Але атрымліваць розныя прызы і тытулы за прыгожыя вочы – прэрагатыва прадстаўнікоў іншых прафесій. Эколагі ж свае зарабляюць выключна справай. За справядлівасць і выдатнае пачуццё гумару Аляксей Сызранцаў, вядома, мае бонусы ў выглядзе бясконцай павагі сваіх падначаленых і калег па цэху, ды шматлікія дыпломы і граматы – усё-такі вынік грунтоўнай працы.

У абавязкі даручанай яму інспекцыі ўваходзіць дзяржаўны кантроль за аховай паветранага басейна раёна, паверхневых і падземных вод, зямлі і нетраў, жывёльнага і расліннага свету, асабліва ахоўных тэрыторый. Значная ўвага тут удзяляецца і выкананню прыродаахоўнага заканадаўства ў вобласці абыходжання з адходамі, а таксама правядзенню экалагічных экспертыз праектаў. Словам, сядзець склаўшы рукі не прыходзіцца. Кожны новы дзень насычаны клопатамі пра экалагічны дабрабыт роднай Ганцаўшчыны.

Разам з Аляксеем Сызранцавым у інспекцыі працуюць яшчэ тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і бясцэнным практычным вопытам. У кожнага з іх – свой сектар абавязкаў. Ганцавіцкія эколагі стараюцца не дубліраваць адзін аднаго і не перашкаджаць таварышам па агульнай справе, таму ўсё паспяваюць у тэрмін. Сяргей Іокіш курыруе пытанні аховы атмасфернага паветра і водных рэсурсаў, Міхаіл Гайцюкевіч адказвае за жывёльны і раслінны свет, а Ніна Купрыянік займаецца праблемамі абыходжання з адходамі. Безумоўна, толькі вышэйпералічаным дзейнасць райінспекцыі не абмяжоўваецца.

Ганцавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў


Эколаг – паняцце шматграннае, у нечым нават універсальнае, – тлумачыць Аляксей Сызранцаў. – Ёсць моманты, калі даводзіцца быць і інспектарам, і следчым, і пракурорам у адной асобе. Маю на ўвазе факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства.

У лагічны ланцужок варта ўключыць яшчэ і маральна-этычны аспект справы. Існуюць розныя спосабы прафілактыкі правапарушэнняў, але пакараць так, каб чалавек пасля сказаў "дзякуй", бясспрэчна, вышэйшы пілатаж. Ганцавіцкія эколагі памятаюць і такое.

Нягледзячы на сваю нешматлікасць, калектыў дружны, стабільны і адказны. Словам, Д'Артаньян і тры мушкецёры, хоць адзін з іх (а дакладней – адна) у спадніцы...

Далікатная спадчына

Эколагі з райцэнтра прызнаюцца: з работай ім адназначна пашанцавала. Акрамя таго, што яна, мякка кажучы, некабінетная, дык яшчэ і дазваляе ўвесь час быць у кантакце з прыродай, дыхаць чыстым паветрам і насалоджвацца маляўнічымі краявідамі. Геаграфічнае становішча і асаблівасці рэгіёна таксама даюць падставы для радасці. Што і казаць, натурапьнай прыроднай пышнасцю Ганцаўшчына не абдзелена. Гэта край неверагодна прыгожых, бясконцых лясоў і балот.

Раён – лідар у вобласці па лясістасці. Яна складае 54,7 працэнта пры агульнай плошчы ляснога фонду ў 106,552 тысячы гектараў. На долю балотных масіваў прыходзіцца 13,2 тысячы гектараў. Сярод найбольш значных з іх – Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна і іншыя.

Гэты куточак Палесся наскрозь пранізаны і воднымі артэрыямі. Буйнейшая рака Лань на тэрыторыі раёна злучаецца з прытокам Начай; нясуць свае воды Цна і Бобрык. На месцы ўпадзення Начы ў Лань створана вадасховішча Лактышы. Ёсць таксама заказнікі рэспубліканскага значэння: біялагічныя – "Борскі" і "Ялоўскі", гідралагічны – "Падвялікі Мох" і ландшафтны – "Выганашчанскае". Апошні ганцаўчане дзеляць з бліжэйшымі суседзямі з Івацэвіцкага раёна. А вось у Круговіцкім лясніцтве знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння – хвоя Веймутавая. Увогуле, асабліва ахоўныя тэрыторыі, дзе рэгламентавана гаспадарчая дзейнасць, займаюць 10 працэнтаў ад агульнай плошчы рэгіёна.

Хоць багатая прыродная спадчына і цешыць вока, ды клопаты пра яе ніхто не адмяняў. Такі скарб, безумоўна, патрабуе ад спецыялістаў раённай інспекцыі максімальнай увагі і асцярожных, далікатных адносін, таму важным аспектам захавання біялагічнай разнастайнасці з'яўляецца работа па ахове рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Сачыць за выкананнем заканадаўства эколагам дапамагаюць калегі з міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і пракуратуры, санітарна-эпідэміялагічнай і падатковай службаў. Сумесныя рэйды і акцыі, накіраваныя на барацьбу з тымі, хто ўпарта не жадае сябраваць з прыродай, даюць добрыя вынікі.

Мяняем свет да лепшага

Як ужо гаварылася, спецыфіка работы ганцавіцкіх эколагаў у большай ступені вызначаецца асаблівасцямі рэгіёна. Ён невялікі па плошчы, таму і антрапагенная нагрузка на наваколле ў параўнанні з іншымі раёнамі адносна невысокая. Асноўнай крыніцай забруджвання атмасфернага паветра з'яўляецца аўтатранспарт і кацельныя прадпрыемствы. Наконт апошняга: газіфікацыя галіны, па словах супрацоўнікаў інспекцыі прыродных рэсурсаў, спрыяе частковаму вырашэнню праблемы. Замена вадкага паліва на газ ужо дазволіла зменшыць выкіды шкодных рэчываў у паветраны басейн Ганцаўшчыны на 25 працэнтаў.

Ганцавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў
Начальнік райінспекцыі А.К. Сызранцаў і спецыялісты
С.Э. Іокіш і Н.І. Купрыянік абмяркоўваюць рабочыя пытанні


Тым не менш у раёне актыўна вядзецца работа па павышэнні экалагічнай бяспекі транспарту. Абнаўляецца і мадэрнізуецца аўтапарк, выкарыстоўваецца экалагічна чыстае маторнае паліва. У межах штогадовай традыцыйнай акцыі "Чыстае паветра" спецыялісты-эколагі разам з інспектарамі ДАІ правяраюць транспарт на таксічнасць і дымнасць. Аўтааматары, якія не ўдзяляюць патрэбнай увагі тэхнічнай няспраўнасці сваіх транспартных сродкаў, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Летась ва ўмовах дарожнага руху складзена каля 150 пратаколаў за звышнарматыўнае забруджванне атмасферы, а агульная сума штрафаў вагалася ў межах 10 мільёнаў рублёў.

Ды, калі хочаш змяніць свет да лепшага, варта пачынаць з сябе. Гэты просты прынцып узялі на ўзбраенне і ганцавіцкія эколагі. Аляксей Сызранцаў заўжды ахвотна падтрымлівае маштабную рэспубліканскую акцыю "Адзіны дзень без аўтамабіля". Заўзяты прыхільнік веласіпедна-пешаходнага ладу жыцця, кіраўнік раённай інспекцыі ўласным прыкладам пераконвае хаця б на адзін дзень адмовіцца ад камфортнага існавання, каб даць перадышку і сабе, і наваколлю.

Вядома ж, і ў ганцаўчан ёсць свае балючыя месцы і грандыёзныя задумы, якія, спадзяёмся, сёлета будуць паціху рэалізоўвацца. Напрыклад, ачышчальныя збудаванні, уведзеныя ў эксплуатацыю яшчэ ў 1989-м, сёння патрабуюць рэканструкцыі. На ачыстку сюды паступае дзесьці 3300 метраў кубічных асадку сцёкаў у суткі.

Хоць за апошніх 10 гадоў адчуваецца дынаміка ў пытаннях збору і ўтылізацыі камунальных адходаў, ды і ў гэтай галіне хапае нюансаў. Для санітарнай ачысткі раёна, якой займаюцца службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, эксплуатуецца 5 смеццявозаў і 132 кантэйнеры. Асноўным спосабам утылізацыі бытавога смецця з'яўляецца захоўванне яго на міні-палігонах – іх на Ганцаўшчыне 28. У 2010-м на добраўпарадкаванне гэтых аб'ектаў было затрачана каля 100 мільёнаў рублёў. Таксама ў горадзе арганізавана пляцоўка для часовага захоўвання адходаў цэглы, бетону, жалезабетону, асфальтабетону, якія ўтварыліся пры будаўнічых работах.

Радуе, што гараджане практычна стапрацэнтна ахоплены паасобным зборам адходаў. Для гэтага ў райцэнтры ёсць усе ўмовы: абсталяваны 30 пляцовак і 60 спецыялізаваных рознакаляровых кантэйнераў. Як сведчыць статыстыка – недарэмна. У 2011-м з 5,644 тысячы тон смецця атрымапі 1,97425 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Ды ганцавіцкія эколагі заклапочаны тым, што гарадскі міні-палігон цвёрдых бытавых адходаў практычна запоўнены, таму ёсць вострая неабходнасць у будаўніцтве новага. Праектна-каштарысная дакументацыя зараз знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

I ўсё ж адна з лепшых інспекцый у вобласці ў год Дракона не збіраецца апускаць прафесійную планку. Toe, што раён маленькі і ўтульны, вядома, заслуга прыроды, але за яго чысцінёй, прывабнасцю для турыстаў дбайна сочаць вопытныя інспектары. Экалагічная бяспека роднага краю – цалкам іх справа. I яна, сапраўды, знаходзіцца ў надзейных руках.

Ніна ЛЕНКАВЕЦ, газета «Народная трыбуна»
Катэгорыя: Грамадства | Праглядаў: 1824 | Дабавіў: admin | Тэгі: охрана природы, Народная трыбуна
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход
Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [197]
Адукацыя [43]
Спорт [1494]
Здарэнні [534]
Грамадства [524]
Эканоміка [56]
Транспарт [168]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Люты 2012  »
Пан Аўт Сер Чац Пят Суб Няд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.