Чацвер, 16.05.2024, 00:16

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна

Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна: падарожжа другое — Міхась Рудкоўскі
Сваё першае падарожжа ў рамках праекта «Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна» мы здзейснілі ў невялічкую вёску Гута, якая дала беларускай літаратуры адразу двух выдатных прадстаўнікоў — Іван Аляксандравіч Кірэйчык і Уладзімір Антонавіч Марук. Сёння мы таксама застанемся на поўначы Ганцавіцкага раёна і адправімся ў вандроўку ў суседнюю вёску Востраў — радзіма паэта Міхася Рудкоўскага.

Міхась Рудкоўскі

Міхась (Міхаіл Міхайлавіч) Рудкоўскі нарадзіўся 17 красавіка 1936 года і сёлета адзначалася 85-я гадавіна з дня яго нараджэння. Бацькі — Міхась і Марыя Рудкоўскія былі звычайнымі сялянамі, але жылі на аддаленні ад самой вёскі Востраў на так званым Мястэчку, які складаўся з шасці-сямі сялянскіх гаспадарак на беразе безназоўнага ручая, які потым упадаў у раку Начанку. Тата Міхаіл Іванавіч быў сапраўдным гаспадаром і па ўспамінах сваімі рукамі мог выканаць любую працу. Мама ж з’яўлялася чалавекам тонкай натуры, уражлівая і спагадлівая, паважала людзей адукаваных і выхоўвала дзяцей пераважна менавіта яна. Нягледзячы на ўсяго чатыры класы адукацыі, Марыя Юльянаўна траім дзеткам, акрамя сына Міхася — гэта малодшыя дочкі Лідзія і Ірына, па памяці чытала вершы Аляксандра Пушкіна і казку «Канёк-гарбунок» Пятра Яршова. Тонкасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць натуры Міхасю Рудкоўскаму дасталася менавіта ад яе. Асаблівая любоў у будучага паэта была да дзеда Івана Францавіча Рудкоўскага, родам ён са Случчыны і славіўся на ўсю акругу як майстар-каваль. Менавіта яму Міхась Рудкоўскі прысвяціў верш «Мой дзед быў сельскім кавалём», які ў выніку стаў класічным.

Дзяцінства Міхася прайшло ў дапамозе бацькам па гаспадарцы, паходах у лес па грыбы і ягады, лоўлі рыбы і ракаў ў рацэ Начанцы. З 1944 па 1951 гады ён з’яўляўся вучнем Востраўскай сямігадовай школы. Вучоба яму даставалася дастаткова лёгка, Міхась быў старанным і ва ўсіх адносінах прыкладным вучнем.

Па заканчэнні школы было навучанне ў Ганцавіцкім педагагічным вучылішчы, пасля ліквідацыі якога Міхася Рудкоўскага перавялі ў аналагічную ўстанову адукацыі ў тады яшчэ абласны горад Пінск. Скончыў ён яе ў 1955 годзе, пасля чаго працаваў выхавацелем у Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце, пасля — настаўнікам беларускай і нямецкай моваў у Кукаўскай сямігадовай школе, дзе яму даверылі яшчэ і ўрокі малявання. Паралельна з працаю было навучанне на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, дыплом аб сканчэнні якога ў якасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры Міхась Рудкоўскі атрымаў у 1961 годзе.

Можна смела сцвярджаць, што пераломным момантам у жыцці Міхася Рудкоўскага стаў перыяд працы ў рэдакцыі Ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда» на пасадзе літаратурнага супрацоўніка — 1960—1962 гады. Сюды яго прывяло захапленне паэзіяй, літаратурай і непасрэдна жаданне пісаць. Дарэчы, першыя вершы за аўтарствам Міхася Рудкоўскага ў раённай газеце былі надрукаваны ў 1958 годзе. У «Сялянскай праўдзе» яму пашчасціла працаваць побач з людзьмі, што не патрабуюць асобнага прадстаўлення — Іван Аляксандравіч Кірэйчык, Міхаіл Фёдаравіч Дубянецкі і Васіль Фёдаравіч Праскураў. Апошні выступіў у якасці своеасаблівага мэнэджэра, што памог Міхасю Рудкоўскаму раскрыцца як паэту. Другой такой постаццю на творчым шляху ўраджэнца вёскі Востраў быў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, пры непасрэднай дапамозе якога Міхась Рудкоўскі моцна стаў на крыло літаратурнай творчасці.

У 1962 годзе Міхась Рудкоўскі пераяжджае ў Брэст, дзе па 1981 год працуе старшым рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграмаў Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. Ён становіцца заснавальнікам і аўтарам тэлеперадачы «Буг», госці якой — пісьменнікі, мастакі, артысты, аматары розных відаў мастацтваі і проста цікавыя людзі. Паралельна стварае дакументальныя фільмы, літаратурныя і краязнаўчыя телеперадачы. Трэба адзначыць, што Міхась Рудкоўскі стаў адным з актыўных непрадузятых удзельнікаў і мадэратараў дыскусій, што разгарнуліся наконт праекта будаўніцтва мемарыяла Брэсцкай крэпасці-героя.

Першыя спробы пісаць Міхась Рудкоўскі зрабіў у школьныя гады, гэта былі допісы ў дзіцячыя газеты і часопісы, а складаць вершы будучы паэт пачаў яшчэ ў чацвёртым класе. У юнацкія гады Міхась Рудкоўскі рэгулярна друкаваўся ў часопісе «Маладосць», газетах «Чырвоная змена» і «Заря». Дэбютны зборнік вершаў пабачыў свет у 1963 годзе і атрымаў лаканічную назву «Першыя вёрсты». Пасля яго былі зборнікі: «Сінія Брады», «Позвы», «У краі тым…», «Векавечная бацькаўшчына», «Трыгор’е», «Засцярога» і «Залатазвон», у якім былі сабраныя лепшыя творы з папярэдніх. У 1990 годзе ў Маскве ў выдавецтве «Советский писатель» у перакладзе Сяргея Паўлавіча Красікава на рускую мову пабачыў свет зборнік выбранай лірыкі «Да пребудешь ты в мире всегда». Зборнік «Гарынь» выйшаў пасля смерці Міхася Рудкоўскага ў 1992 годзе, цяжка хворы аўтар не мог чытаць, але сігнальны экзэмпляр усё ж патрымаў у руках і, паднёсшы яго да твару, удыхнуў пах свежай друкарскай фарбы.

У Саюз пісьменнікаў СССР Міхась Рудкоўскі быў прыняты ў 1966 годзе і фактычна стаў першым прафесійным літаратарам у Ганцавіцкім раёне. Акрамя сваёй літаратурнай дзейнасці і працы на тэлебачанні ён быў вядомы як перакладчык з украінскай, рускай і польскай моў.

Пасля цяжкай хваробы памёр Міхась Рудкоўскі 7 ліпеня 1991 года, пахавалі яго на могілках у роднай вёсцы Востраў, якую ён неаднаразова апеў у сваіх творах.

Літаральна крыху больш праз год пасля смерці Міхася Рудкоўскага, 18 снежня 1992 года, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 757 мясцовай школе было прысвоена імя знакамітага земляка, а на магіле быў пастаўлены помнік, які можна лічыць сапраўдным творам манументальнага мастацтва, аўтарам барэльефа на ім з’яўляецца знакаміты брэсцкі скульптар Аляксей Аляксеявіч Паўлючук.

Помнік на магіле Міхася Рудкоўскага

У 1995 годзе на базе школы ў вёсцы Востраў быў створаны літаратурны музей Міхася Рудкоўскага. Ініцыятарам яго ўзнікнення і першым кіраўніком з’яўлялася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Альбінаўна Якімчык. Музей невялікі па памерах, пад яго быў выдзелены класны пакой, з моманту заснавання і па сённяшні дзень складаецца з васьмі раздзелаў: «Маленства і юнацтва Міхася Рудкоўскага», «На педагагічнай працы», «Пачатак творчага шляху», «Міхась Рудкоўскі — паэт», «Сям’я паэта», «У творчым росквіце», «Таленты роднай зямлі» і «Сябрыне вернай я аддаў даніну…».

Музей Міхася Рудкоўскага

Фонды музея налічваюць крыху больш за 200 прадметаў, 185 з якіх з’яўляюцца арыгінальнымі. Найбольш каштоўныя з іх — пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб прысваенні школе імя Міхася Рудкоўскага, асабістыя рэчы, рукапісы і зборнікі вершаў Міхася Рудкоўскага, а таксама паэтаў і пісьменнікаў Ганцавіцкага раёна. Адно з цэнтральных месцаў у экспазіцыі займае дыплом лаўрэата літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, які пасмяротна быў прысуджаны Міхасю Рудкоўскаму ў 2008 годзе.

31 мая 2016 года школа ў вёсцы Востраў была зачынена, у сувязі з гэтым прыпыніў працу і сам музей. Але ўжо ў верасні таго ж года тут была створана турыстычная база «Астравок», пры якой і прадоўжыў сваё існаванне літаратурны музей Міхася Рудкоўскага. Музей і сёння з’яўляецца своеасаблівым культурным цэнтрам, які, мажліва, не ў такой колькасці, але працягваюць наведваць з экскурсійнымі мэтамі навучэнцы школ Ганцавіцкага раёна, а таксама аматары творчасці Міхася Рудкоўскага.

Доўгі час дом, у якім нарадзіўся і жыў Міхась Рудкоўскі, заставаўся без адзнакі. Але 7 ліпеня 2017 года на ім з’явілася сціплая мемарыяльная дошка, якая стала яшчэ адным прыпыначным пунктам для падарожнікаў-аматараў беларускай літаратуры.

Памятная дошка на доме ў вёсцы Востраў, дзе нарадзіўся і вырас Міхась Рудкоўскі

Ушаноўваюць памяць пра Міхася Рудкоўскага і за межамі Ганцавіцкага раёна. Шматлікія літаратурныя даведнікі інфармуюць аб тым, што ў Брэсце па адрасе вуліца Маскоўская, 332, на доме, у якім доўгі час жыў Міхась Рудкоўскі, усталявана памятная дошка. Адкрыццё яе адбылося ў 1992 годзе, фотаздымкі з дадзенага мерапрыемства экспануюцца ў літаратурным музеі Міхася Рудкоўскага.

Памятная дошка на доме ў Брэсце, дзе жыў Міхась Рудкоўскі

Трэба адзначыць, што і ў самой вёсцы Востраў, а таксама горадзе Ганцавічы ёсць вуліцы Міхася Рудкоўскага.
Катэгорыя: Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: vitalis (25.09.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 409 | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.