З сакавіка 2020 года Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей пачаў праводзіць акцыю «Дар музею». Яна накіравана на тое, каб неабыякавыя грамадзяне здавалі ў фонды музея разнастайныя рэчы, што маюць гістарычную каштоўнасць, такім чынам прадаўжаючы іх жыццё, але ўжо ў якасці музейнага прадмета, ці нават экспаната.
Дадзеным артыкулам з серыі «Музейны архіў» хацелася б зрабіць своеасаблівую справаздачу аб тым, колькі цікавых прадметаў было перададзена ў фонды музея не толькі з пачатку правядзення акцыі, але і на працягу ўсяго мінулага 2020 года.
Ці не самым каштоўным падарункам у фонды музея за справаздачны тэрмін стаў 21 прадмет, што папоўніў археалагічную калецыю. Здатчыкам яго з’яўляецца малады археолаг Аляксандр Гаршкоў. Аляксандр Дзмітрыевіч нарадзіўся ў вёсцы Заастравечча суседняга Клецкага раёна. Па замове ААТ «Крышылавічы» ў красавіку і чэрвені 2019 года ён праводзіў абследванне курганных могільнікаў ранняга сярэднявечча (Х—ХІІІ стагоддзі) паблізу ад вёскі Малыя Круговічы і рабіў распрацоўку зон аховы дадзеных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Паралельна з гэтаю працаю Аляксандрам Гаршковым была праведзена разведка на наяўнасць новых архелагічных аб’ектаў у наваколлі Агарэвічаў, а таксама Малых і Вялікіх Круговічаў. Сабраны матэрыял і быў у выніку перададзены ў фонды Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея.
Калекцыя крамянёвых архелагаічных прадметаў, што былі здадзеды у музей
Усе знойдзеныя артэфакты крамянёвыя, датыроўка пераважнай большасці якіх дастаткова шырокая — каменны-бронзавыя вякі. Прыкладна палова з здадзеных у фонды музея прадметаў з’яўляюцца адшчэпамі, ёсць таксама і нуклеусы, жаўлак, лускавінка, а таксама шэраг абломкаў. Усё гэта лішні раз падцвярджае неабходнасць правядзення комплекснага археалагічнага абследвання Ганцавіцкага раёна і здзяйснення раскопак на найбольш цікавых аб’ектах.
Хочацца падзякаваць Аляксандру Гаршкову не толькі за перададзеныя крамянёвыя артэфакты, але і за тое, што ён неаднаразова дапамагаў з больш падрабязным і дакладным апісаннем прадметаў, якія маюцца ў археалагічнай калекцыі музея.
Жыхар вёскі Любашава Сяргей Рыгоравіч Підліпны перадаў у музей адразу некалькі прадметаў, сярод якіх варта выдзяліць дастаткова рэдкі цяслярскі інструмент — лыжкавы свердзел, ім рабілі невялікія адтуліны па валокнам дрэва. Таксама ў фонды музея трапіў сабачы жэтон. Датыроўка яго ўзнікнення — 1938 год, часы Польскай Рэспублікі.
Сабачы жэтон
На адным з бакоў нанесены парадкавы нумар і аднясенне яго да Круговіцкай гміны Лунінецкага павета. Падобныя жэтоны выкарыстоўваліся мясцовымі ўладамі для ўліку колькасці сабак на прыватных падворках, выплаты падаткаў, а таксама іншых адміністрацыйных працэдур.
Яшчэ адзін сабачы жэтон быў перададзены ў музей ганцаўчанінам Уладзімірам Аляксандравічам Мелехаўцом. Сам прадмет больш ранейшы і датаваны 1929 годам.
Уладзімір Аляксандравіч здаў у фонды музея яшчэ і жэтон лесніка. Яго рэдкасць і ўнікальнасць тлумачыцца тым, што жэтон мае дастаткова добрую захаванасць і бытаваў у другой палове 1940-х гадоў.
Сапраўдны тэхнічны шэдэўр у выглядзе электрычнай кававаркі савецкай эпохі падарыла музею Тамара Аляксандраўна Андрэева. У час свайго бытавання падобны прыбор быў упрыгожваннем амаль любой кухні і лічыўся ці не прадметам раскошы. Сама кававарка гейзернага тыпу і мае дастаткова просты прынцып работы: вада ў адмысловай ёмістасці награецца да высокай тэмпературы і ў выглядзе пары праз фільтр з слоем молатай кавы праз трубачку выліваецца гатовым да спажывання напоем у кубак.
Электрычная гейзерная кававарка з кубкам ФК «Ганцавічы»
Цэлую калекцыю прыгожых карункавых сурвэтак у музей прынесла Тамара Мікалаеўна Коўш. Іх аўтар — сапраўдны майстар карункавай справы Андрэй Іванавіч Волах. Супрацоўнікі музея адабралі ў фонды сваёй установы восем найбольш адметных сурвэтак, а астанія перадалі на пастаяннае захоўванне ў Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў.
Карункавая сурвэтка
Андрэй Іванавіч, які пайшоў з жыцця ў 2019 годзе, быў дастаткова вядомым майстрам сваёй справы. Па успамінах, вязаць карункі ён пачаў яшчэ ў школе ў сёмым класе. З таго часу яго рукам належыць некалькі соцен карункаў, большасць з якіх прадстаўляюць сапраўдныя творы мастацтва. Адметная асаблівасць Андрэя Іванавіча як майстра, гэта тое, што ён не прадаў ні адной сваёй працы, а толькі дарыў іх.
Рамеснік Аляксандр Канстанцінавіч Віктаровіч падарыў музею шэраг школьных пасведчанняў 1930-х гадоў. Яны належаць тром дзяўчынкам з вёскі Агарэвічы — Вера, Сафія і Марыя Баброўскія. Дакументы сведчаць аб тым, што яны з поспехам навучаліся ў мясцовай спачатку двухкласнай, а потым трохкласнай пачатковай школе. На ўсіх пасведчаннях, акрамя выстаўленых адзнак, прысутнічае адбітак пячаткі школы, а таксама подпіс яе кіраўніка.
Жыхар горада Ганцавічы Аляксандр Андрэевіч Кавалевіч перадаў у музей два драўляныя акушэрскія стэтаскопы, якія вераю і праўдаю адпрацавалі ў установах цэнтральнай раённай бальніцы і «пасля выхаду на пенсію» ператварыліся ў сапраўдныя музейныя прадметы, дзе ў новым статусе будуць прыносіць карысць і надалей.
Акушэрскія стэтаскопы
Выдатны прыклад народнага майстэрства ў музейныя фонды трапіў ад ганцаўчанкі Галіны Пятроўны Філюціч — ручны арэхакол. Аўтарам яго з’яўляецца Пётр Фёдаравіч Тадра. З-за шматгадовага выкарыстання арэхакол страціў частку адной з ручак, але і без яе ён цудоўна спраўляецца з сваёю асноўнаю функцыяю — калоннем арэхаў.
Ручны арэхакол
Мы расказалі далёка не пра ўсе прадметы, што былі перададзены ў фонды музея за мінулы 2020 год. Іх, як і здатчыкаў, значна болей, а ў дадзены матэрыял трапілі толькі найбольш адметныя і цікавыя.
Нельга абыйсці той факт, што і сама серыя артыкулаў «Музейны архіў» мае плён у папаўненні фондаў прадметамі. У студзені 2021 года ў музей звярнуўся жыхар горада Ганцавічы Мікалай Фёдаравіч Кузьміч, які расказаў, што прачытаў у газеце артыкул аб калекцыі фотаапаратаў і вырашыў перадаць у фонды музея сваю невялічкую фоталабараторыю. Сярод здадзеных прадметаў варта выдзяліць фотапавелічальнік «Ленинград-4У» і фотаапарат «Эликон-535», які з’яўляецца апошняю фотакамераю распрацаванаю вытворцам БелОМА. Але аб іх і яшчэ шмат чым цікавым мы раскажам у далейшых артыкулах з серыі «Музейны архіў».
Фотаапарат «Эликон-535»
Трэба адзначыць, што акцыя «Дар музею» не скончана, яна працягвае сваю працу і зараз. Таму звяртаемся да кожнага, хто мае ў сябе рэчы, якія ў перспектыве маглі б стаць музейнымі прадметамі (старыя фотаздымкі, дакументы, кнігі, манеты, вопратка, музычныя інструменты, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, посуд і іншае), а таксама расказаць аб гісторыі нашага краю: прыходзьце да нас у музей, з вашай дапамогай мы зможам даць ім новае жыццё і прадставіць іх на выстаўках, ці пастаяннай музейнай экспазіцыі! |