Уступнае слова да перакладу паэмы Артура Бартэльса “Палескі тыдзень”
Шматгранная постаць Артура Бартэльса (1818–1885) пакуль застаецца не надта вядомай не толькі паспалітаму чытачу, але і спецыялістам у галіне літаратуразнаўства. Што праўда, апошнім часам звестак пра жыццё і творчую дзейнасць названай асобы пабольшала. З гонарам скажам і пра наяўнасць нашага ўнёску ў гэту справу.
Артур Бартэльс
Шчыра кажучы, калі б нас не звязала зямляцтва, дык з выбітным прадстаўніком культуры ХІХ стагоддзя, значным і для Польшчы, і для Беларусі, аўтар гэтых радкоў размінуўся б. Так не адбылося, і апошні зусім не шкадуе. Больш таго, паміж намі наладзілася ірацыянальная (астральная?) сувязь. Упершыню яна праявілася, калі па нашай просьбе 19 красавіка 2018 года Серж Мінскевіч здымаў помнік на кракаўскім апошнім прыстанішчы Артура Бартэльса і яго жонкі Казіміры Ваньковіч. Здарыўся маленькі цуд. Ведаючы па электроннай мапе месца пахавання, наведвальнік некропаля падрыхтаваў відэакамеру. Уключыў і пачаў набліжацца да магілы. Знайшоў яе. Сфакусіраваўся. І раптам у той сонечны дзень забілі званы мясцовай капліцы. У паэта Сержа, па яго прызнанні, па скуры пабеглі мурашкі — настолькі ўразлівым атрымаўся момант. Артур Бартэльс падаў знак!
Але тым сюжэцікам сімвалічная метафізіка не вычарпалася. У пачатку напісання манаграфічнага нарыса, які пакуль чакае завяршэння, аўтар гэтых радкоў вырашыў яшчэ раз парыцца ў алічбаваных бібліятэках і архівах: ці не з’явілася за апошні час нешта новае пра героя? Адказ атрымаўся не проста станоўчы — ашаламляльны. Польскія спецыялісты падзяліліся масаю дагэтуль невядомага матэрыялу. Адным з першых знойдзеных дакументаў была візітоўка Артура Бартэльса. Сама па сабе яна ўяўляе толькі картку з імем і прозвішчам. Але гэты экзэмпляр дапоўнены запісам гаспадара. Ды якім! "Serdecznie wdzięczny za pamięć” — "Сардэчна ўдзячны за памяць” (малюнак 1). Хіба ж не знак?! Нам, нашчадкам — тым, хто знайшоў гэтага творцу, яго творы, даследуе іх, папулярызуе і спажывае.
Малюнак 1. Адбітак візітоўкі Артура Бартэльса (публікуецца ўпершыню)
У лік прыхільнікаў паэта за гэты час дадаўся яшчэ адзін зямляк — калега па пяры Віктар Гардзей. Прычым дадаўся не пасіўна — стаў перакладчыкам. Дагэтуль на беларускую мову былі пераствораны адно два кароткія вершаваныя творы Артура Бартэльса: у ХІХ стагоддзі Францішакам Багушэвічам — байка "Свінні і бараны” і ў ХХ стагоддзі Міколам Арочкам — гумарыстычны верш "Дзянёк абыватальскі”. Ужо ў стагоддзі ХХІ-м якраз у высокаюбілейны для паэта год — спаўнялася два вякі са дня нараджэння Артура Бартэльса — Віктар Гардзей пераклаў невялічкую лірычную паэму "Дзяніскавічы”. Названы твор у гонар любімай паэтам вёскі (зараз гэта Ганцавіцкі раён). Па яго прызнанні, тут
spłonęła pierwsza łezka, Z oczu mych niewinnych.
сплыла… першая слёзка З дзіцячых нявінных вачэй.
(тут і далей пераклад Віктара Гардзея)
Віктар Гардзей да працы над перастварэннем "Дзяніскавіч” падыходзіў не проста як прафесійны літаратар — ён сам у якасці маладога журналіста ператаптаў нямала куткоў дзяніскаўскага наваколля, тых жа сцежак, якімі за стагоддзе з нечым да нашага сучасніка курсіраваў Аартур Бартэльс. Толькі Віктар Гардзей паляваў на інфармацыю, яго папярэднік — на дзічыну. Больш таго: жонка Віктара Канстанцінавіча родам з Дзяніскавіч (дый ваш пакорны слуга пачынаў, калі казаць штампам, свой працоўны шлях у Дзяніскавіцкай школе). Так што, перафразуючы прыказку пра дарогі і Рым, можна сказаць, што ўсе шляхі пачынаюцца з Дзяніскавіч.
Заахвоціўшыся адным перакладам (які, да слова, упершыню быў апублікаваны якраз у "Дзеяслове” (2018, № 3), Віктар Гардзей узяўся за другі — лепшай, на наш погляд, паэмы Артура Бартэльса "Палескі тыдзень”.
Твор цалкам публікаваўся толькі двойчы: у месячніку "Łowiec” і асобным, надрукаваным у Львове выданнем — абодва разы ў 1878 годзе, яшчэ пры жыцці аўтара У далейшым яшчэ разоў пару публікаваліся ўрыўкі паэмы. Часам яна згадвалася ў станоўчым святле. Але слава пра яе канчаткова патухла ў міжваенны перыяд. Незаслужана. І такое меркаванне падтрымліваецца ці не ўсімі, хто знаёміцца з творам — ад сучаснікаў яго аўтара да людзей ХХІ стагоддзя, прычым прадстаўнікоў розных краін.
Фармальна гэта паэма мае аснову эпічную. Але настолькі моцна аздоблена лірызмам, што немагчыма аддаць перавагу аднаму з двух пачаткаў. З улікам эмацыйнага зачыну і філасофскага заканчэння "Палескі тыдзень” хіба найлепей маркіраваць ліра-эпічным творам.
Дзеянне ў ім адбываецца, як намі ўстаноўлена, за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Дзяніскавіч. На карысць такой думкі схіляе наступная інфармацыя. Названы твор расказвае пра паляванне на глушцоў. У той жа паэме — "Дзяніскавічы” — на гэты конт гаворыцца:
I znajome mi Lesiszcze, Głuszców jak słowików.
Знаёмае надта Лясішча, Глушцоў там — нібы салаўёў.
Таму лагічна было б там і ладзіць апетае па-мастацку на працягу "Палескага тыдня” вясновае паляванне.
Урочышча Лясішча знаходзіцца, паводле інфарматараў, кіламетраў за восем на поўдзень ад вёскі Дзяніскавічы. Насамрэч, як падказала старая карта, трохі на паўднёвы захад ад гэтага сяла, абапал дарогі з Еськавіч на Макава бліжэй да апошняга. Этымалогія відавочная: "Там калісьці быў высокі хваёвы лес”.
Аўтар прызнаецца, што паэма стварался літаральна на каленях, паралельна з падзеямі: "Паэмка гэта (маецца на ўвазе "Палескі тыдзень”. — А. Т.), што адпачывала гадоў 20 у маёй тэчцы, ёсць найпэўнейшым увасабленнем літоўскага вясновага палявання на токах, асабліва глушцовых. Не мае яна іншых пераваг, апроч вялікай праўды, таму што пісалася ў лесе і ёсць толькі з натуры знятым апісаннем аднаго з тых нашых паляванняў, пра якія хацеў я для сябе захаваць успамін”. Будучы, акрамя таго, і мастаком, Артур Бартэльс практыкаваў малюнкі з натуры. Таму такі падыход і мастацтву слова не быў чужародным. У той жа час адчуваецца апрацоўка і некаторыя дапаўненні ў пазнейшы час — калі Артур Бартэльс пражываў у Кракаве. Толькі тады, верагодна, паддаўшыся настальгіі, ён рашыў аддаць паэму ў друк, папярэдне належным чынам, з улікам мінулых не меней чым паўтара дзясятка гадоў, падрыхтаваўшы тэкст. У канцоўцы не проста канстатуецца, што тыя падзеі засталіся ў прошлым — адчуваецца далёкая часавая адлегласць. Тым больш аўтар прызнаецца, што яму пасля працы патрэбен адпачынак для галавы, што эліптычна можна ўспрымаць як адсутнасць неабходнасці адпачынку праз фізічныя заняткі, перадусім паляванне.
Фабула паэмы немудрагелістая. Пасля дынамічнай запеўкі расказваецца даволі падрабязна пра тыднёвы паход глыбока ў лес на глушцовае паляванне мужчынскай кампаніі. Героі не сказаць, што атрымалі грунтоўную абмалёўку вобразаў. Тым не менш надзеленасць кожнага пэўнымі рысамі робіць іх індывідамі. Прычым угадваецца, што за персанажамі стаяць прататыпы (у наступных паэмах іх існаванне ў рэчаіснасці яшчэ больш увідавочніваецца). Наратывы паляўнічых прыгод узбагачаюцца і любоўнай лініяй: наймалодшы Ясь, як аказваецца, закаханы ў дачку аднаго са старэйшых паляўнічых — Ігната. Герой, ад асобы якога і вядзецца аповед, з дапамогай дыпламатыі і жыццёва-псіхалагічнага досведу, а таксама пры спрыянні будучаму Ясеваму цесцю ў паляўнічай справе дапамагае вырашыць канструктыўна праблему двух закаханых. Галоўнай перашкодай з’яўлялася незаможнасць Яся. Але Ігнат вельмі далікатна падводзіцца да разумення, што эвентуальны зяць — хлопец гаспадарлівы і ашчаслівіць Ігнатаву дачку Зосю.
Акрамя культуры палявання, якая даволі прадстаўніча падаецца ў паэме, важнейшым бокам твора, што зацікавіць не толькі і нават не столькі літаратуразнаўцаў, з’яўляюцца карціны кухарства і сталавання. Відавочна, аўтар ведаў толк у ежы і пітве. Таму "Палескі тыдзень”, як і "Новую зямлю” Якуба Коласа, лепей не чытаць на галодны страўнік.
I bracia szlachta z wesołem czołem Koło ogniska zasiada społem, Każdy dobywa swoje zapasy Półgęsek, szynkę, kółko kiełbasy. A tu przy ogniu stojąc ukośnie Bigos hultajski skwirczy żałośnie, Bigos z schabkami, kwaśną kapustą, Cały przesycon słoninką tłustą, Mało co ogień nosy popiecze, Głowna rzecz bigos, aż ślinka ciecze!... I otóż gotów, — bracia do czarki. Ante hultajem, palniemy starki. I do rąk łyżki z partyką chleba... Bożeż mój Boże! toż widzieć trzeba, Jak to myśliwska połyka! A bigos znika, znika i znika...
І шляхта, браты, кожны з тварам вясёлым Паселі ля вогнішча ўсе шчыльным колам. І кожны свае тут вымае запасы: Гусак і вяндліна, і ў колцах кілбасы. А тут у дадатак правізіі сытнай У прыску і бігас сквірчыць апетытна. Такі, як і трэба, бо з кіслай капустай, Ды з паляндвічкай і скварчынай тлустай. Бліжэй і не сунься – насы апячэ, Галоўнае – бігас, аж слінка цячэ! І вось мы гатовыя, брацці, да чаркі, Дык возьмем спачатку, як просіце, старкі. І лыжкі хапайце з акрайцамі хлеба… О, Божа, убачыць такое ўсім трэба, Як ежу кампанія ўміг паглынае, І бігас знікае, знікае, знікае…
Вядома ж, без моцных напояў паляўнічыя таксама не абходзіліся. Перадусім любячы ўмомант сагравальную старку ці, як яны называлі, "старушку” (малюнак 2).
Dalej do ognia, gdzie są zapasy? Stukniemy starki, kółkiem kielbasy Zakąsim suchej, z chleba bochenkiem; A kto rozumny, niech się rożenkiem Opatrzy ostrym z twardej brzeziny I na pacankę ) spiecze słoniny, A obiad taki, dalibóg panie Za marcepany myśliwym stanie, Już na myśl samą, aż pędzi ślinkę — A po przekąsce chrapuniem godzinkę.
Каля цяпельца мы з Божай ласкі Каштуем старку з кружком каўбаскі. Пакроім хлеба, як ёсць, буханку, А змыслы хто – дык спячы "пацанку”! Ражончык выраж з бярозкі дбала І смаж пад старку апольчык сала. Такая ежа спрадвек, васпаны, Лепш паляўнічым за марцыпаны. З адною думкай пасочыць слінку, А надвячоркам паспім з гадзінку.
Малюнак 2. Адбітак графічнага малюнка Артура Бартэльса з адлюстраваннем ужывання старкі
Аднак абмежаваны адно вышэйапісаным зместам твор рызыкаваў застацца ўсяго толькі свайго роду бытавой паэмай. Канцэптуальна важна, што моцна і часта ў паэме выяўляюцца патрыятычныя матывы. Насамрэч яны і выступаюць на першы план. Аўтарская любоў да радзімы шырокая – ад роднага куточка з яго непаўторнымі пейзажамі да Літвы, той гістарычнай, але ўжо і той, што стане Беларуссю ў сучасным разуменні. Толькі паэт не спрагназаваў, што гісторыя выбера назву для краіны не балтыйскую, а славянскую.
Прычым паэт не дае падстаў сумнявацца, што яго радзімай з’яўляецца не Польшча – толькі Літва, за нараджэнне на якой сын яе дзякуе Богу і гонар за якую адчувае кожны ліцвін:
Niech sobie, kto chce, ziemi swej piękność rozgłasza, Nie masz, nie masz, powtarzam, jak ta Litwa nasza! I gdy każdemu chlubnie Ojczyzny być synem, Ja tak Bogu dziękuję, że jestem Litwinem, Że mi się zróść pozwolił z tym ludem i krajem, Calem sercem i duszą, mową i zwyczajem. Oj! żeby tej krainie i dla ludu tego Nieco światlejszej doli, Nieba łaskawszego!
Заўжды паўтараю: Літва ёсць адзіная наша, Таму беражыце Радзіму з лясамі і пашай. У многіх краінах за гонар Айчыны быць сынам, Я ж дзякую Богу, што я нарадзіўся ліцвінам, Што мне ён дазволіў зрасціся з тым людам і краем Душою і сэрцам, і мовай, якой пагарджаем. Ой, каб жа ды гэтай краіне і людзям тутэйшым Святлейшага неба даў Бог і лёс — ласкавейшы!
Паказальна, што Артур Бартэльс адчувае генетычную блізкасць Літвы і тых частак, якія неўзабаве інтэгруюцца ў адзіную краіну — Беларусь:
Że zaś koniecznie już to być musi Na tej poczciwej Litwie i Rusi...
А што, калі гэтак і быць ім павінна — Літве векавечнай, Русі быліннай?
Пад Руссю маецца на ўвазе, як вынікае з іншых твораў, менавіта Белая Русь. Да гэтых краёў арганічна далучаецца Палессе, пра што пішацца ў адмысловым нарысе пазнейшага часу: "…W niedostępnych prawie miejscowościach Polesia i innych częściach Litwy...”.
Больш таго, паэту ўжо нават бачацца контуры незалежнасці Літвы:
Litwo poczciwa, w lasach twych i błotach, Jeszcze człek może żywić nieco ducha Niepodległości...
Пачцівая Літва, сярод лясоў і на балотах Наш чалавек яшчэ мацуе аслабелы дух Жаданай волі
У параўнанні з тымі вершамі, якіх Артур Бартэльс пакінуў больш, чым на адну кнігу ("Piosnki i satyry” ўбачылі свет у Кракаве пасля смерці паэта ў 1888 годзе), паэма вылучаецца і душэўнасцю, і сыноўскімі пачуццямі да радзімы, што гаворыць найперш пра шчырасць аўтара.
На гэтай паэме паляўнічы не спыніўся. Яму захацелася апісаць гадавы цыкл палявання. Таму следам публікаваліся яшчэ два творы тоеснага фармату. "Зімовыя паляванні” завяршаюцца словамі ўспамінаў пра таварышаў па паляванні, якія сталі ахвярамі падзей студзеньскай інсурэкцыі, што наводзіць на думку пра напісанне паэмы ўжо ў Кракаве. Разам з тым стыль, блізкі да "Палескага тыдня”, выдае пра магчымасць напісання канвы твора яшчэ на Літве. Заключная паэма — "Летнія і восеньскія паляванні” — дакладна ўзнікла ў Кракаве. Стыль у ёй больш дакументальны. Быццам бы аўтар імкнуўся тэхнічна выканаць творчую задачу — завяршыць апісанне гадавога паляўнічага кругазвароту. Да таго ж і перыяд пазітывізму падштурхоўваў да такой мастацкай трансфармацыі. Цыкл з чатырох паэм (маем на ўвазе і "Дзяніскавічы” — параўнаўча караценькую паэму, якую можна лічыць пралогам да непасрэдна паляўнічых твораў) стаў з’явай найунікальнейшай не толькі ў Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі беларускія землі, але наогул у славянскім свеце, што адзначана найперш расійскімі літаратарамі.
У сувязі з такім значэннем з’яўленне перакладу паэм Аартура Бартэльса мае несумненную каштоўнасць, у першую чаргу — для беларускай культуры і гуманітарыстыкі. Пры рэдагаванні не з усімі месцамі перакладу можна пагадзіцца. Хацелася б, напрыклад, большага аўтэнтычнага захавання архітэктонікі некаторых раздзелаў. Думаецца, узнікненне варыянтаў перастварэнняў не было б лішнім. Аднак у цэлым Віктар Гардзей пастараўся данесці дух, каларыт шляхецкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя і, як на наша ўспрыманне, дастаткова ўдала. Таму застаецца пажадаць, каб не менш паспяхова завяршылася праца над перакладам астатняга паэтычна-паляўнічага матэрыялу Артура Бартэльса ў выглядзе вышэйназваных паэм. Яны заслугоўваюць, каб заняць годнае месца ў беларускім прыгожым пісьменстве.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.