Аўторак, 14.05.2024, 05:20

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Знойдзены дакумент пра першыя гады існавання Люсінскай школы выявіў новыя факты
Дакумент складзены другім па ліку настаўнікам, які працаваў у гэтай школе. Што гэта за знаходка і наколькі яна датычыцца самага славутага люсінскага педагога — Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа), паспрабавалі разабрацца ў наступным артыкуле.

«Яшчэ тры гады таму ў вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе». Так пачынаецца вядомая аповесць Якуба Коласа «У палескай глушы» пра Цельшынскую школу. Яе прататыпам, калі можна гэтак сказаць, была ўстанова ў вёсцы Люсіна Пінскага павета. Такім чынам ураджэнец Беларусі Цэнтральнай — Стаўпеччыны (Стаўбцоўскага раёна) — стаў своеасаблівым культрэгерам на Палессі, а дакладней, на Піншчыне.

Заснаванне Люсінскага народнага вучылішча

Але не Якуб Колас быў першым у такой пачэснай справе (маем на ўвазе Люсіна). Сам класік, як гаворыцца вышэй у цытаце, паведамляе, што школе настае чацвёрты год. Гэта паводле мастацкага твора. У рэчаіснасці Люсінскае народнае вучылішча было заснавана ў 1898 годзе. Самым першым настаўнікам у вучылішчы быў Аляксандр Восіпавіч Барташэвіч. Праз два гады яго змяніў галоўны герой нашага артыкула — Аляксандр Юстынавіч Фурсевіч, таксама ўраджэнец Стаўпеччыны. Апошні напярэдадні адпрацаваў два гады ў Лагішынскім народным вучылішчы.

На здымку з фотаальбома Фурсевічаў — Аляксандр Юстынавіч з жонкай і дзецьмі

У той час ратацыі настаўнікаў народных вучылішч былі зявай звыклай. Таму і ў пераводзе Аляксандра Фурсевіча ў Люсіна няма нічога асаблівага. Гзты факт застаўся б незаўважаным, калі б не сяброўства названага настаўніка з Канстанцінам Міцкевічам (Якубам Коласам). Пачалося яно яшчэ ў дзяцінстве. Аляксандр Фурсевіч нават стаў «дарэктарам» будучага класіка, але не тым, які трапіў на старонкі паэмы «Новая зямля». У далейшым Канстанцін Міцкевіч прайшоў па сцежках трохі старэйшага сябра. Так, апошні паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Туды праз чатыры гады, у 1898 годзе, прыедзе вучыцца і Канстанцін Міцкевіч. Затым іх шляхі будуць перасякацца на настаўніцкай ніве.

У многім дзякуючы якраз менавіта Аляксандру Фурсевічу, які працаваў у Люсінскай школе два навучальныя гады, гэта ўстанова аказалася ўтульнай для настаўніка-пачаткоўца, якім быў на той момант Канстанцін Міцкевіч. У той жа час яго старэйшы сябар быў ужо вопытным, з чатырохгадовым стажам.

Як настаўнік наладзіў рэвізію

У Люсіне Аляксандр Фурсевіч паявіўся не пазней як 30 верасня 1900 года. Калі ён прыйшоў на новае месца працы, дык адразу наладзіў рэвізію. Дзеля гэтага ён запрасіў прыбыць у Люсіна валаснога старшыню Кірыла Жалезнага: «30 сентября 1900 года принятое мною Люсинское народное училище от Хотыничского волостного старшины Кирилла Железного, при этом все училищное имущество было проверено по инвентарю, систематическому каталогу и описи, оставленной 2 июня 1900 года», — гаворыцца ў тагачаснай крыніцы.

Аднак гэтага дакумента не было б у выпадку калі б усе рэчы знаходзіліся ў наяўнасці. Якраз іх адсутнасць прымусіла Аляксандра Фурсевіча 2 кастрычніка напісаць рапарт — ажно ў Менскую дырэкцыю народных вучылішч. Да рапарта далучаўся акт, складзены новапрыбылым настаўнікам падчас прыёмкі школы. У ім гаварылася, у прыватнасці, пра тое, што «при проверке училищной библиотеки не оказалось» пэўных выданняў.

Акрамя таго, «при проверке же училиищного имущества оказалось, что из 31 грифельной доски 10 разбиты, почему и не могут быть употребляемы в качестве учебных пособий в настоящем учебном году. Цена каждой доски 10 коп<еек>».

У цэлым урону школьнай маёмасці Аляксандр Фурсевіч налічыў на 3 рублі 55 капеек. Для лепшага разумення можна прывесці кошты ў перадваенны час 1914 год (paней лічбы маглі быць яшчэ меншымі, значыць, вартасць грошай была большай). Цэны на прадукты за фунт (400 грамаў): чорны хлеб — 2,5 капейкі, белы хлеб — 5 капеек, ялавічына — 22 капейкі, свініна — 23 капейкі, селядзец — 6 капеек, масла — 48 капеек, яйкі (за дзясятак) — 30 капеек, малако (за кубак) — 7 капеек. Цэны на прадметы першай неабходнасці: паркаль за аршын (0,71 метра) — 11 капеек, сукно за аршын — 2 рублі, мужчынскі абутак (за пару) — 12 рублёў, мужчынскі касцюм — 40 рублёў, запалкі (пачак) — 10 капеек, газа (вядро) — 1,7 рубля, дровы (воз) — 10 рублёў.

Чаму ўтваылася недастача

Можна зрабіць выснову, што матэрыяльная недастача школы не была маленькай. Новы настаўнік не збіраўся яе кампенсацыю браць на сябе. Яго заробак тым часам складаў 240 рублёў у год (калі размеркаваць на 12 месяцаў — 20 рублёў штомесяц). Таму тая сума для Аляксандра Фурсевіча з'яўлялася значнай. Але не толькі матэрыяльны бок яго турбаваў. Настаўнік упарадкоўваў сваё месца працы з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю. Такім чынам ён сцвярджаўся на новым месцы і як асоба.

Відавочна, сам валасны старшыня не прымаў інвентар ад папярэдняга настаўніка Люсінскай школы. Таму і ўтварылася недастача. Але Кірыл Жалезны не быў супраць, каб «о вышеизложенном записать в настоящий акт... а копию с него представить в Минскую дирекцию народных училищ» і прыклаў сваю пячаць да дакумента. У вышэйшую інстанцыю інфармацыя паступіла 19 кастрычніка таго ж года.

3 такога прынцыповага кроку пачалося настаўнічанне Аляксандра Фурсевіча ў Люсінскай школе. Прычым па рэзалюцыі, нанесенай на рапарт нейкім начальнікам дырэкцыі, зразумела, што настаўнік дабіўся кампенсацыі за нанесены школе ўрон. Зроблены ўжо іншай рукою надпіс гаворыць пра тое, што месцазнаходжанне папярэдняга настаўніка Аляксандра Барташэвіча ўстаноўлена. Хутчэй за ўсё, з яго і меліся спагнаць недастачу, калі накладалі рэзалюцыю «удержать, с кого следует».

Змена настаўнікаў

Чарговая перазменка настаўнікаў у Люсінскай школе наступіла ў 1902 годзе. У народнае вучьшішча прыслалі Канстанціна Міцкевіча. У сваю чаргу Аляксандра Фурсевіча перакінулі не так ужо і далёка — у Любашава. Там народнае вучылішча толькі адкрывалася. Натуральна, што там быў патрэбен педагог дасведчаны. 3 улікам параўнаўча простай для тагачасся лагістыкі (праз чыгунку) сябры займелі магчымасць камунікаваць і выкарыстоўвалі яе. Гэта апісана ў аповесці «У палескай глушы»: «3 правага боку дарогі лес скончыўся. Лабановіч ішоў і ўзіраўся ў цемру, каб не прамінуць гасцінца, бо дзесь тут ён павінен перасекчы чыгунку. A во гэты шлях, вось гэтыя старыя бярозы-прысады! На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Там змяшчалася школа, дзе жыў і вучыў дзяцей Турусевіч…» і далей па тэксце.

Аповесць звязана з рэальнасцю

Як бачым, Якуб Колас у першай аповесці трылогіі нібы кампенсуе адсутнасць героя, прататыпам якога быў бы Аляксандр Фурсевіч, у аўтабіяграфічнай паэме «Новая зямля» і ўводзіць у твор настаўніка-сябра пад пазнавальным прозвішчам Турсевіч. Улічым, што Якуб Колас пісаў аповесць «У палескай глушы» хоць і па памяці праз два дзясяткі гадоў, але фактычна з натуры, без асаблівай мастацкай выдумкі, большасць герояў яго аповесці мелі прататыпаў. Гэта пацверджана і самім творцам, і даследаваннямі. Прычым прататыпы з іх набліжаным да сапраўднасці мастацкім увасабленнем характэрны нават для такога алегарычнага твора, як паэма «Сымон-музыка». Што казаць тады пра творы рэалістычныя. Пры першай жа згадцы Турсевіча падаецца дастатковая для чытацкага ўяўлення характарыстыка персанажа. Зазначым, што ў дадзеным выпадку і прыдумляць нічога не патрэбна было:
«Баранкевіч вельмі спагадна ўспамінаў настаўніка, якога змяніў Лабановіч.
— Што мне падабаецца ў пана Турсевіча, дык гэта тое, што ён умеў паставіць сябе ў кожным коле грамадства і меў свой асабісты гонар, — сказаў падлоўчы.
— Турсевіч — гэта мой настаўнік і мой зямляк, аднае воласці. Я лічу яго адным з выдатнейшых настаўнікаў і працаўнікоў. Ён не толькі вядзе добра справу ў школе, але і многа працуе над самім сабою; чалавек многа чытаў і многа думаў. Гэта адзін з тых маіх сяброў, якіх я вельмі шаную і паважаю.
— Як жа, паночку, ён быў панскім настаўнікам? Здаецца, розніца ў вашых гадах не такая вялікая? — запытаўся Баранкевіч.
— Ён старэйшы ад мяне гадоў на чатыры. Калі ён скончыў першую школку, то я яшчэ пачынаў толькі вучыцца. Ён цэлую зіму быў маім дарэктарам, маім і маіх братоў.
— А, хіба што так.
— Дык пан добра знае пана Турсевіча? — спытала пані падлоўчая. — Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! — дадала яна і зірнула на мужа, як бы хочучы прачытаць на яго твары, ці добра яна сказала.
— Пан Турсевіч у школе быў строгі, — адгукнуўся малы Чэсь з-пад кахлянае печы».

Меркаванне Лабановіча

Паводле твора, Лабановіч высока цаніў прафесійныя якасці сябра-калегі. Нават крыху раўнаваў да яго ўзроўню:
«Лабановіч чуў нейкае засмучэнне і неспакой. Яго штось нездавальняла і кудысь цягнула. Магла быць тут прычынаю і тая акалічнасць, што, як яму здавалася, Турсевіч лепей вёў сваю школьную працу, і наогул яго школа рабіла ўражанне больш паспяховай школы. А можа, таксама мела значэнне іх скорая разлука, бо цяпер яны ішлі на станцыю, адкуль ён мусіць паехаць у сваю глуш.
— Што, брат, прыціх? — запытаў яго Турсевіч. — Чаго зажурыўся?
— He заўсёды ж і вясёлым быць, — адказаў Лабановіч. — Ведаеш, брат, як пабачыў я тваю школу, твае заняткі, то мая школа ў параўнанні з тваёю нікуды не гадзіцца.
— Ха-ха-ха! — засмяяўся Турсевіч. — Ніколі твая школа не будзе адставаць, раз ты ёю так моцна цікавішся і прымаеш блізка да сэрца. Гэта ў цябе яшчэ з непрывычкі, з першага года. А я пераконан, што твая школа шмат лепш стаіць за многія».

3 вышыні досведу Аляксандра Турсевіча не сумняваемся ў аб'ектыўнасці ацэнкі Лабановічавага настаўнічання. Разам з тым правамерна яе праецыраваць і на працу ў рэчаіснасці Канстанціна Міцкевіча. Нагадаем, што аўтар трылогіі цалкам атаясамляе сябе і галоўнага героя: «...Захочаш ведаць, як я настаўнічаў, трапіў у турму, прыгледзься добра да Лабановіча»; «Лабановіч — мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма».

Несумненна, у добрым настаўнічанні Канстанціна Міцкевіча вялікая заслуга і Аляксандра Фурсевіча. Прынамсі такі пазітыўны мэсыдж атрымаў Канстанцін Міцкевіч ад свайго старэйшага сябра — спярша напачатку педагагічнага шляху, пасля — у працэсе. Як бачым, гэта дало каласальны (для беларускай культуры) плён. Магчыма, мікраскапічнай, але прынцыпова важнай часцінкай у гэтым выніку паўстае адшуканы архіўны дакумент, прадстаўлены ўпершыню ў дадзенай рабоце.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (08.01.2021) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 708 | Тэгі: Канстанцін Міцкевіч, Люсіна, Якуб Колас, Анатоль Трафімчык, Ганцавіцкі раён, Аляксандр Фурсевіч, Любашава | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.